|
Магілёўскі кінатэатр «Радзіма» ўчора наладзіў сустрэчу з Аляксеем Дударавым — аўтарам сцэнара да адной з самых любімых кінастужак савецкага часу «Белыя росы». Акрамя вядомага беларускага драматурга, на сустрэчу з магілёўцамі прыехала актрыма Наталля Харахорына (паштальёнка Верка). Падрабязную справаздачу аб гэтым цікавым мерапрыемстве мы размесцім у наступным матэрыяле, а зараз — урывак з інтэрв’ю, якое Аляксей Дудараў даў карэспандэнту сайта.
— Аляксей Ануфрыевіч, наколькі зараз актуальная кінастужка «Белыя росы»? Наколькі яна наогул беларуская?
— Рэч у тым, што ўсё сапраўднае і ёсць беларускае — як і рускае, як і нямецкае... А гэты твор са-праўд-ны! Так ужо не я адзін кажу, не я ацэньваю, а час — ён самы строгі суддзя. Стужка цікавая: яе глядзяць, яе цытуюць. Фільм жыве сваім уласным жыццём, незалежна ад тых, хто яго ствараў.
— Кажуць, Ваш сцэнар падобны да казкі: у бацькі было 3 сыны. Першы — разумны, другі і такі, і сякі, а трэці...
— Сапраўднае мастацтва, літаратура — гэта заўжды казка. А патрэба ў казцы, асабліва ў наш час, вострая як ніколі, таму што ўсё ўзнёслае, рамантычнае вымылася з жыцця. Людзей цікавяць грошы... Спадзяюся на тое, што так не будзе заўжды. Трэба арыентавацца на праўдзівае мастацтва. Сыдзе адно пакаленне, прыйдзе на яго месца другое, але яно будзе патрэбнае ўсё адно і старым, і маладым. Вось глядзіце... Савецкія кінастужкі: «Белае сонца пустыні», «Белы Бім, чорнае вуха», «Іронія лёсу» і г.д. Колькі год іх глядзяць? 10, 20, 30, 40...Там ёсць нешта такое, што — на ўсе часы. Штосьці падобнае ёсць і ў «Белых росах». Фільм ствараўся ў 1983 г., у 1984-м ён ужо нашумеў. А калі праз 20 гадоў чалавек глядзіць яго ўпершыню і ставіць яму вышэйшую адзнаку, то гэта вялікага варта.
— Якія водгукі Вы чулі аб гэтым фільме?
— Аднойчы, калі быў недзе ў кампаніі, сказаў пра тое, што родам я з Беларусі. А мне — «А! Ведаем-ведаем — „Белыя росы“!». Прызнаюся, у мяне не хапіла мужнасці сказаць, што я да гэтага фільма маю нейкае дачыненне. Тады ў мяне запыталіся: «Вы ж глядзелі, канешне?» — «Ну, глядзеў»... — «Шыкоўны фільм!»
— Недзе даводзілася чытаць, што ў Вашай новай кнізе «Белыя россы» сустракаюцца тыя самыя персанажы. Нават ёсць сабака па мянушцы Валет...
— Гэта праўда... Ужо напісаны працяг «Белых рос», і Валет там таксама ёсць. Кніга называецца «Белыя россы» — з дзвюма «с». Гэта працяг вядомай гісторыі, падзеі адбываюцца праз 30 год. Андрэй Ходас, старэйшы сын, з’ехаў у вёску з назвай Магільнае, купіў сабе хатку. (Развёўся з жонкай, але потым у іх ўсё нармальна будзе — яна вернецца). Ды зноў неспадзяванка! Вёску выкупілі «новыя беларусы». Яны ствараюць там катэджны пасёлак, вырашыўшы назваць яго «Белыя россы». І Андрэя Ходаса зноў высяляюць з роднай хаты. Вось такі працяг...
Андрэй, канешне, дужа змяніўся — ён ужо сталы чалавек, яму 70 год. Ён — галоўны ў сям’і Ходасаў, бацька даўно сыйшоў... Там ёсць адно шчымлівае супадзенне: майму бацьку ў наступным годзе было б, калі б Бог быў ласкавы да яго, 100 год. Я выпадкова залез у Інтэрнет, і аказалася, што Усевалад Васільевіч Санаеў, які іграў старэйшага Ходаса, таксама з 1912 г. І яму ў наступным годзе было б таксама 100 гадоў. Там дарэчы эпізод ёсць — уся сям’я збіраецца адзначаць 100-годдзе бацькі. І Андрэй там галоўны — галава рода.
— А ці ёсць дзеткі ў Андрэя?
— Ёсць і дзеткі. Ён узяў з дзіцячага прытулку сабе сына, праўда праз дужа вялікія цяжкасці... Карацей кажучы, працяг казкі ёсць. Будзем спадзявацца, што яна ўвасобіцца і на экране.
П. Левановіч
|