Пятница, 24 ноября 2017 12:44

Народнаму пісьменніку Янку Брылю 100 год. Вечарына з гэтай нагоды адбылася ў Магілёве

Народнаму пісьменніку Янку Брылю 100 год. Вечарына з гэтай нагоды адбылася ў Магілёве

У гэтым годзе на Беларусі адзначаецца 100-годдзе з дня народзінаў Народнага пісьменніка Янкі Брыля. З гэтай нагоды 21лістапада ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы Магілёва адбылася вечарына з удзелам вядомага гісторыка беларускай літаратуры Анатоля Сідарэвіча.

Спадар Анатоль цікава і змястоўна распавёў пра асаблівасці біяграфіі Янкі Брыля, пра яго жыццё і творчасць у заходняй Беларусі, пра службу ў войску польскім і многае іншае. Пасля выступу літаратуразнаўцы з Мінска прысутныя здолелі задаць пытанні, якія тычыліся не толькі постаці Янкі Брыля, але і ўвогулі тых цікавых і складаных часоў.

Пытанні былі пра дзейнасць беларускіх пісьменнікаў пад час гітлераўскай акупацыі, пра ўзаемадачыненні з пісьменнікамі з Магілёўшчыны: Пысіным, Стральцовым, Адамовічам, Кудраўцом. Напрыклад, для многіх так і засталося загадкай, як Янка Брыль атрымаў званне Народнага пісьменніка, пры гэтым не ўваходзячы ў склад камуністычнай партыі.

Сустрэча працягвалася каля двух гадзін. Усе прысутныя былі вельмі ўдзячныя Анатолю Сідарэвічу за тое, што ён здолеў завітаць у Магілёў і падзяліцца сваімі багатымі ведамі па гісторыі Беларусі.

А 26 лістапада абласная бібліятэка ім. Леніна і Таварыства беларускай мовы ім. Скарыны правядуць імпрэзу да юбілея Якуба Коласа з удзелам унучак пісьменніка Марыі Міхайлаўны і Веры Данілаўны Міцкевіч.

Пачатак у 15:00. Уваход вольны.

Алег Дзьячкоў


Просмотров: 1432
Instagram
Vkontakte
Telegram