Вторник, 26 июля 2016 12:14

32 гады прайшло з дня, як не стала Уладзіміра Караткевіча

32 гады прайшло з дня, як не стала Уладзіміра Караткевіча

25 ліпеня 1984 года не стала выбітнага беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Шматлікімі повязямі яго жыццё звязанае і з нашай Магілёўшчынай.

I тады закахалася хмара...
Ў паплавы, ад расы прамяністыя,
I ва ўсю Беларусь маю чыстую,
У мары бору, ў палёў абшары.

I заплакала ад кахання,
I слязою чыстай абмыла
Усе абшары зямлі маёй мілай, –
Ўсе калыскі яе і магілы,
Усе змярканні яе і світанні.

I пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў, —
Плод кахання бору і хмары, —
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.

Караткевіч нарадзіўся ў горадзе Орша ў 1930 годзе. Ён за сваё жыццё пабываў ва ўсіх кутках нашай радзімы. Бываў і ў іншых краінах, дзе заўсёды шукаў сваю Беларусь. І апошнія дні свайго жыцця таксама правёў у вандроўцы па Палессі, калі з сябрамі на плытах вандраваў па Прыпяці. Караткевіч часта падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга, але збяднелага шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы.

Герб роду Караткевічаў “Корвін”

Герб роду Караткевічаў “Корвін”

Прадзед пісьменніка па матчынай лініі служыў святаром у Краснаполлі, Чачэрску. Адзін са сваякоў Караткевіча – Тамаш Грыневіч ("сваяк з боку маці") – у паўстанні 1863 года камандаваў атрадам і быў растраляны па загаду Мураў'ёва. Адам Мальдзіс знайшоў у Варшаве рукапісныя "Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме", дзе сярод іншых імёнаў упамінаўся і Грыневіч. Больш таго, прыводзіўся напісаны ім верш “Песня прыгаворанага да смерці”.

Дзед, Васіль Юльянавіч Грынкевіч, нарадзіўся ў 1861 годзе ў Краснаполлі, навучаўся ў Гомелі, а затым уладкаваўся ў Чачэрску лясным аб’ездчыкам. Неўзабаве пераехаў ў Мсціслаў, дзе працаваў пісарам у казначэйстве. Пазней, у пачатку 20 стагодзя, Грынкевічы жылі таксама і ў Магілёве. Васіль Юльянавіч ведаў вельмі шмат казак, баек і легенд. Адна з легендаў – пра вялікую змяю "Дзебраў", пра ўрочышча ў Магілёве.

Фото Сям’я Грынкевічаў дзед  Васіль Юльянавіч, прабабуля Ганна Мікалаеўна Юдзеніч (бабуліна маці), бабуля  Ганна Францаўна, дзеці Надзея, Яўгенія, Сяргей. Магілёў 1902 г.

Сям’я Грынкевічаў дзед Васіль Юльянавіч, прабабуля Ганна Мікалаеўна Юдзеніч (бабуліна маці), бабуля Ганна Францаўна, дзеці Надзея, Яўгенія, Сяргей. Магілёў 1902 г.

Маці Уладзіміра Караткевіча нарадзілася ў Мсціславе і ў 1911 годзе скончыла жаночую Марыінскую гімназію ў Магілёве (зараз гэта сярэдняя школа №1).

Фото Жаночая гімназія ў г.  Магілёве, якую скончыла маці Уладзіміра Караткевіча. Зараз СШ № 1.

Жаночая гімназія ў г. Магілёве, якую скончыла маці Уладзіміра Караткевіча. Зараз СШ № 1.

Уладзімір Караткевіч скончыў Кіеўскі ўніверсітэт і некалькі год працаваў настаўнікам ва Украіне. Зусім не думаў свой лёс звязаць з паэзіяй, але даслаў свайму сябру ў Мінск свой верш “Машэка”. А той аднёс яго ў выдавецтва.

Фото З Янкам Брылём, Рыгорам  Барадуліным, ляснічым Аляксандрам Карпенкам і дырэктарам лясгаса Віталём  Шаблоўскім у Чэрыкаўскім заказніку. 1965 год.

З Янкам Брылём, Рыгорам Барадуліным, ляснічым Аляксандрам Карпенкам і дырэктарам лясгаса Віталём Шаблоўскім у Чэрыкаўскім заказніку. 1965 год.

У 1955 годзе ў часопісе “Полымя” выйшаў першы надрукаваны верш Караткевіча, які прысвечаны легендарнай гісторыі Магілёва.

Лісце алае засыпае роў,
Пушчу чорную апавіў туман,
Атачон з усіх чатырох бакоў
Золкай восенню мой лясны будан.

Стогнуць пад дажджом старчакі альхі,
І ў будан з дрыгвы плыве золь-зіма, -
У ім карэнні – столь, ложак – ліст сухі,
Ні агню няма, ні святла няма.

Ад усіх я ўцёк, ад усіх я збег,
Буйным воласам да калень зарос.
Годы стаялі, быццам белы снег.
Горы панскіх цел мой Дняпро панёс…

Існуе яшчэ адзін малавядомы верш, які тычыцца нашага горада. Верш называецца так: “Скарга магілёўскага вар’ята на некаторых беларускіх музыказнаўцаў”.

У шасцідзесятыя гады з-пад пяра аўтара выйшаў сцэнар фільма, заснаваны на магілёўскіх анекдотах. Але фільм не быў зняты, бо быў адхілены сталічным чынавенствам.

Па некаторых гістарычны творах Уладзіміра Караткевіча можна вывучаць старажытную гісторыю Магілёва. Асабліва дакладна апісваецца наша мінуўшчына перыяду Вялікага княства Літоўскага, а менавіта XVII стагоддзя, у “Сівой легендзе”:

“Пані яшчэ мацней загадала гнаць коней. І мы праскакалі ў горад і спыніліся на Лупалаўскім прадмесці, у парафіі Святой Тройцы… Здзівіла нас мноства п’яных у прадмесці, а потым і ў самім горадзе. Выявілася, што пакуль звестка пра злоў яшчэ не прыйшла – з ганцом прыбыло дазваленне лішнія дні чатыры супраць Магдэбургскага права, і не ў тэрмін, варыць піва і гарэлку і мёд. Горад увесь праваслаўны, багаты і ганарлівы, муры каменныя, купалы залатыя, валы, равы, вежы. А людзі – хоць у сані запрагай, такія біцюгі. І ўсе п’яныя. Пачалі шукаць спосабу, як трапіць у горад. Праехалі праз каменную Быхаўскую браму ў вале, а потым памучыліся. Торкнуліся да Каралеўскай брамы – нельга, паехалі да другой – нельга. Праз Малую Пешаходную, да ракі Дубровенкі, - нельга. Баяліся, што ўварвецца мужыччо ў горад і будзе разня і смута. Нарэшце трапілі праз Алейную, ля якой яўрэйская школа. Пад брамаю парахавыя склады, а на браме ікона Божай Маці. Няправільна магілёўцаў дражняць, што яны яе прадалі, а грошы прапілі разам з войтам. Непарушна сцеражэцца ікона!”

Наступны ўрывак таксама красамоўна сведчыць пра сярэднявечны Магілёў.

“А спрэчкі ў ратушы ўсё цягнуліся. Сапега з Друцкім былі за смерць. Але магістрат быў супраць… Крычалі да хрыпаты, лаялі адзін аднаго псамі і па-іншаму. І, можа, нічога б не вырашылі, каб не прыйшлі людзі з Лупалава і Падуспення. У натоўпе адразу засмярдзела скурамі і рогам, і крычаць пачаў натоўп зусім іначай:

- Заб’яце яго – смута будзе! Забылі, як пры магілёўскім бунце ў порткі клалі, будзеце і цяпер. Стаха Мітковіча ды Гаўрылкі Іванова на вас няма. Памяць каціная! Забылі, як дзверы судовай залы адбілі? Набату даўно не чулі? Будзе і вам тое ж!..

І давялося Раману праехаць увесь шлях. Правезлі яго ад вязніцы да замка, да насыпной гары, міма храма Сарака Пакутнікаў да Спаскай царквы. Па ўсім горадзе, дабы бачылі, як караецца ліхадзейства…

За гарэлку Бога прадалі! Возьмуць вас за гэта чорт Савул і чорт Калдун! Брамы вашы паваляцца, магілы мышакоўскія ўвесь Мікалаеўскі спуск зоймуць…”

У адным з самых ранніх сваіх твораў, які, дарэчы спачатку выйшаў на ўкраінскай мове, бо распавядаў украінскім школьнікам пра Беларусь, “Зямля пад белымі крыламі”, Караткевіч шмат увагі надаў шэдэўру айчыннай архітэктуры – Свята-Мікольскай царкве XVII стагоддзя: “На Магілёўскім падоле стаіць Мікольская царква, бліскучы ўзор беларускага барока. З ёю звязаны яшчэ адзін эпізод гісторыі. Пры ёй, у “Цярэшка, каторы проскуры заведал”, жыў некаторы час у бязведамнасці сціплы школьны настаўнік Дзмітр Нагі. Тут зарадзілася яго “ідэя”, тут ён пачаў яе выконваць і магчыма, атрымоўваць інструктаж ад пэўных колаў і грамадзіць паплечнікаў. Каб пасля ўзляцець на адну з вяршынь зямной магутнасці пад імем цара Дзімітрыя, а пасля бясслаўна ўпасці з яе Лжэдзмітрыем II”.

У гэтым жа творы Караткевіч падкрэслівае асаблівасці вопраткі на магілёўшчыне: “…Верхняя вопратка, як мужчынская, так і жаночая: кажухі і кажушкі (частка вышытыя), буркі, тоўстыя – у палец-паўтара – і доўгія паліто з капюшонам, для зімовай дарогі, світкі (другія назвы – “латуха”, “сярмяга”, “сукман”, “жупан”) рознага колеру, але, часцей за ўсё, белыя, часам расшытыя… сінім шнурком (Быхаўшчына), зялёным шнурком або чорнай скурай (пад Клімавічамі)”.

Надае аўтар увагу і казацкім паўстанням на нашай зямлі: “Атаман Мацюша Гультай напаў на Магілёў. Ягоны загон аброс сялянамі, як снежны камяк. Маёнткі і палацы былі выпалены. Атрад узяў Быхаў і выбіў там растаўшчыкоў, арандатараў і шляхту”.

Не прайшло незаўважаным для пісьменніка і адна з самых цікавых і драматычных падзей у гісторыі нашага горада – бунт супраць Іасафата Кунцэвіча ў 1618 годзе: “Аршанцы не пусцілі яго, ледзь не ўтапілі ў Дняпры. Магілёў запёр брамы, выцягнуў на вал гарматы і сказаў, каб “душахват” каціўся адсюль, калі не хоча атрымаць пяціфунтовае ядро ніжэй спіны. Асаблівай патрэбы ў такім набытку біскуп, па ўсяму відаць, не адчуваў, бо зматаў вуды”.

Трагічная і загадкавая постаць з Магілёўшчыны Ігнат Грынявіцкі – таксама для Караткевіча цікавы гістарычны персанаж: “І, урэшце, беларус Ігнат Грынявіцкі (паходжаннем з беларускай беднай шляхты, а ніякі не “польскі дваранін”, як пра гэта часам пішуць) 1 сакавіка 1881 г. кінуў бомбу, якой забіў цара Аляксандра ІІ і смяротна параніў сябе”. Акрамя таго, у сваім вершы “Смяротная страта” пісьменнік па-свойму спрабуе аднавіць апошнія хвіліны жыцця нарадавольца.

Асноўным мастацкім творам Уладзіміра Караткевіча з’яўляецца трылогія “Каласы пад сярпом тваім”, прысвечаная паўстанню Кастуся Каліноўскага. Галоўныя падзеі рамана разгортваюцца на Магілёўшчыне. Вось адзін з фрагментаў, пад час выступу Алеся Загорскага ў дваранскай зборні: “… Гэты не стаў бы і Мішку Мураўёву даваць спуску. А ўжо як перад ім на задніх лапках хадзілі маршалкі Крушэўскі ды Абданк у тыя страшныя леты. А пан Юры не даў крыўдзіць людзей. Тром губернатарам не даў. Сярожку Энгельгардту – не даў, Мікалашку Гамалею – не даў, Міколку Скалону – не даў. І чацвёртаму не дасць, бо, чутна, Скалон хутка загрыміць – паспеў-такі нашкодзіць за тры гады. І ходзіць пагалоска – будзе на ягоным месцы Аляксашка Беклемішаў, чалавек роду старога, але сварлівы і цяжкі”.

У Караткевіча быў яшчэ адзін малавядомы талент – ён умеў досыць добра маляваць: аўтапартрэты, малюнкі, шаржы. Як трапна заўважыў Рыгор Барадулін: “А мастак Караткевіч мог бы, відаць, спаборнічаць з пісьменнікам Караткевічам”. І адзін з самых цікавых і смешных яго малюнкаў прысвечаны Магілёву. Гэта – “Магіла льва”, але не Машэкі асілка выява, а… Варта паглядзець сам малюнак.

Фото “А гэта магіла льва”.  Фрагмент аўташаржа і аўтапародыі. 1965 г.

“А гэта магіла льва”. Фрагмент аўташаржа і аўтапародыі. 1965 г.

Адзін з першых на Беларусі Караткевіч уздымае праблему экалогіі і захавання роднай прыроды: нашых лясоў, палей і рэк, якія знішчаліся меліярацыяй. Захавалася некалькі фатаздымкаў з яго наведвання з іншымі беларускімі пісьменнікамі Чэрыкаўскага заказніка ў 1965 годзе. І зразумела, Караткевіч – жартаўнік. Каму цікава адкуль узяўся верш “Заяц варыць піва”, таму варта пазнаёміцца з яго маленькім апавяданнем “Дзяўчына з Быхава”.

Фото Апошні здымак. Ліпень 1984  г. Рака Прыпяць.г.

Апошні здымак. Ліпень 1984 г. Рака Прыпяць.

Гэта далёка не ўсё з тэмы “Караткевіч і Магілёўшчына”. Зараз выходзіць поўны збор твораў пісьменніка ў 25 тамах, і нас чакае яшчэ шмат нечаканых адкрыццяў.

Фото З жонкай і маці.

З жонкай і маці.

Алег Дзьячкоў
Магілёў, ліпень, 2016 г.

Просмотров: 2600
Instagram
Vkontakte
Telegram