Четверг, 09 января 2014 15:32

“Давай ганарыцца, што мы – беларусы!”: патрыятычная выстава працуе ў Магілёве

“Давай ганарыцца, што мы – беларусы!”: патрыятычная выстава працуе ў Магілёве

Кніжна-ілюстрацыйную выставу “Давай ганарыцца, што мы — беларусы!” разгарнулі ў аддзеле беларускай і краязнаўчай літаратуры Магілёўскай абласной бібліятэкі. Прымеркавана яна да 95-годдзя ўтварэння БССР. Экспазіцыю складае літаратура, якая адлюстроўвае гісторыю Беларусі пачатку XX стагоддзя і сучаснае развіццё краіны. Тут можна знайсці кнігі, прысвечаныя дзяржаўным сімвалам рэспублікі – канстытуцыі, гербу і сцягу. Акрамя гэтага, змешчаны навуковыя і навукова-папулярныя выданні па гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці.

Лістапад 1918 года паклаў пачатак новаму гістарычнаму этапу ў барацьбе беларускага народа за нацыянальную самасвядомасць. Крах нямецкай акупацыі і аднаўленне савецкай улады на значнай частцы тэрыторыі Беларусі дазволілі беларускаму народу абвясціць сваю Савецкую рэспубліку.

1 студзеня 1919 года ў Смаленску (Мінск акупіравалі немцы) быў абнародаваны першы канстытуцыйны акт Урада — «Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі», падпісаны вядучымі беларускімі партыйна-дзяржаўнымі дзеячамі. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як дзень утварэння самастойнай дзяржавы — Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Беларуская ССР атрымала гарантыю свайго дзяржаўнага суверэнітэту, ажыццявіла права на свабоднае дзяржаўнае самавызначэнне.

Выстава, адрасаваная шырокаму колу чытачоў, будзе дзейнічаць да 31 студзеня.

Рэд.

Просмотров: 1984
Instagram
Vkontakte
Telegram