Четверг, 24 декабря 2015 10:55

165 год з дня нараджэння Мікалая Судзілоўскага. «Прэзідэнт з Магілёва»

Нарадзіўся Мікалай Судзілоўскі 15 снежня 1850 года ў Магілёве, у беларускай шляхецкай сям’і, якая валодала маёнткам у Фаставе Мсціслаўскага павета. Дзяцінства яго прайшло ў доме бацькі, калежскага асэсара, сакратара Магілёўскай палаты цывільнага і крымінальнага суда.

Мужская гимназияЗавяршыў навучанне ў магілёўскай мужской гімназіі і паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, а затым перавёўся на медыцынскі. Захапіўшыся ідэямі народніцтва, ездзіў у Швейцарыю, каб пазнаёміцца з лідэрамі рэвалюцыйнай эміграцыі Лаўровым і Бакуніным. Здзейсніў «хаджэнне ў народ» у Херсонскай і Самарскай губернях.

У 1874, калі царская ахранка натрапіла на яго след, Мікалай Судзілоўскі вымушаны быў эмігрыраваць. У Лондане меў сустрэчы з Энгельсам і Марксам. Затым у Жэневе завяршае медыцынскую адукацыю і піша тэзісы доктарскай дысертацыі «Пра антысептычны метад лячэння ў хірургіі».

Затым накіроўваецца ў Малдову і разам з малдаўскім народнікам Нікалае Зубку-Кадрану і балгарскім эмігрантам Хрыста Боцевым кіруе работай мясцовых рэвалюцыянераў. Актыўна прымае ўдзел у падрыхтоўцы антытурэцкага паўстання ў Балгарыі ў 1876 годзе.

У час руска-турэцкай вайны 1877-78 гадоў працуе ваенным хірургам. За выратаванне сотняў хворых і параненых румынскі ўрад узнагародзіў Судзілоўскага залатым медалём. Затым Судзілоўскі накіроўваецца ў Канстанцінопаль, Жэневу, Парыж, дзе ўзнаўляе сувязі з расійскімі палітычнымі эмігрантамі Пляханавым, Засуліч, Аксельродам, Ігнатавым.

Праз пэўны час зноў у Румыніі, у 1885 пераязжае ў ЗША, дзе працуе ў Сан-Францыска ўрачом. Тут надрукаваў некалькі артыкулаў па медыцынскай тэматыцы і ўступіў у канфлікт з прадстаўніком свяцейшага Сінода ў ЗША епіскапам Уладзімірам. Пасля пяці гадоў жыцця ў Каліфорніі Мікалай Судзілоўскі пераязджае на Гавайскія астравы, дзе займаецца ўрачэбнай практыкай па хваробах вачэй.

Шырокую вядомасць сярод гавайскай грамадскасці атрымалі выдадзеныя у 1896 годзе брашуры «Наша палітыка аховы здароўя» і «Як жыць на Гавайскіх астравах. Нарыс асабістай гігіены». У гэты час актывісты партыі незалежных вылучылі яго кандыдатуру ў сенат ад вострава Гаваі.

Згодна з інфармацыяй энцыклапедычнага даведніка «Асветнікі зямлі беларускай» у 1900 —1901 гадах Судзілоўскі быў сенатарам, а потым становіцца прэзідэнтам сената. Затым пасля адстаўкі пераязджае ў Кітай, дзе займаецца вызваленнем палітычных катаржан з сібірскіх турмаў і перавозам іх у Кітай. Пад час руска-японскай вайны ў 1904 годзе вяртаецца на Гаваі. Тут піша зварот «Да афіцэраў рускай арміі», у якой заклікаў армію быць на баку народа ў яго барацьбе за эканамічныя і палітычныя правы.

Пасля Крывавай нядзелі ў Расіі ў 1905 годзе Судзілоўскі актывізуе сваю дзейнасць і пераязджае ў Японію, дзе арганізуе камітэт дапамогі расійскім ваеннапалонным. У сваіх вусных і пісьмовых зваротах Судзілоўскі заклікае салдат па вяртанні на радзіму са зброяй у руках змагацца супраць самадзяржаўя.

У пачатку 1912 годзе Мікалай Судзілоўскі набывае невялікі зямельны участак на востраве Мінданаа на Філіпінах і тут, акрамя медыцынскай практыкі, займаецца грамадскай і асветніцкай дзейнасцю: стварае бібліятэку і клуб тубыльцаў.

Мясцовая газета надрукавала серыю яго артыкулаў пад назвай «Амерыканская ідэя на Далёкім Усходзе», у якіх не проста заклікае белых плантатараў, фабрыкантаў і гандляроў не пагарджаць жыццём і культурай тубыльцаў, а прапануе разгорнутую праграму школьнай адукацыі філіпінцаў, арганізацыі дзяржаўнай аховы здароў’я, кардынальных эканамічных рэформ.

СудзілоўскіЗ 1915 годзе жыве ў Японіі ў Нагасакі. У гэты час сканцэнтраваў сваю асноўную ўвагу на развіцці грамадскага працэсу, што знайшло адлюстраванне ў зборніку артыкулаў «Усход і Захад», выдадзеным у Японіі на англійскай мове. Замест ідэі сацыялістычнай рэвалюцыі Судзілоўскі прапануе лозунг стварэння «Злучаных Штатаў Еўропы,» разглядаючы яго як найперш пастулат трывалага міру, як умову далейшых эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў.

З радасцю сустрэў лютаўскія падзеі 1917 ў Расіі, але кастрычніцкі пераварот перакрэсліў усе яго надзеі. І, паводле Мікалая Судзілоўскага, пасля свяржэння царызму левыя партыі ўчынілі бойку за ўладу, а краіна ў выніку пакацілася ў бездань, «стары эканамічны, сацыяльны, палітычны ўклад» разваліўся, а непарадак і анархія перараслі ў грамадзянскую вайну.

Упёршыся вачыма ў «сусветную пралетарскую рэвалюцыю, страціўшы веру ў сябе... мы спусташаем сваю краіну, забіваем сваіх братоў і сясцёр». Але стаўленне да бальшавікоў стала ў яго з цягам часу больш памяркоўным і прымірэнчым. З пачатку 1921 Судзілоўскі разам з сям’ёй пасяліўся ў кітайскім горадзе Цяньцзынь.

Свае артыкулы друкуе ў гэты час у Кітаі, краінах Еўропы і Амерыкі. Стварае і ўзначальвае першы ў Азіі «Камітэт дапамогі галадаючым Расіі». Пры яго ўдзеле ствараюцца такія камітэты ў 1921-22 гадах у Пекіне, Харбіне, Мукдэне, Ханькоў. У апошнія гады жыцця Мікалай Судзілоўскі нават думае пра вяртанне на радзіму і вядзе перапіску з сябрамі і сваякамі ў Маскве і Беларусі.

Адным з асноўных тэзісаў вялізарнай філасофскай спадчыны нашага выбітнага земляка з’яўляюцца яго наступныя словы: «Вы баіцёся смерці, прагнеце бяссмерця?.. Жывіце жыццём Цэлага. Калі вас даўно не будзе — яно застанецца. Знішчэнне палохае, толькі пакуль вы адчуваеце сябе асобна».

Мікалай Судзілоўскі памёр у красавіку 1930 года ва ўзросце 80 гадоў.

Жыццёвы багаж Мікалая Судзілоўскага: грамадска-палітычны дзеяч, філосаф і прыродазнавец, публіцыст, удзельнік грамадскіх рухаў Беларусі, Расіі, Украіны, Швейцарыі, Англіі, Францыі, Румыніі, Малдовы, Балгарыі, ЗША, Японіі, Кітая, Філіпінаў і іншых краін. З яго імем звязаны вядомыя дасягненні ў галіне хірургіі, тэорыі сухотаў і іншых хвароб.

Мікалай Судзілоўскі — першы падарожнік-географ, які грунтоўна пазнаёміў расійскіх чытачоў з флорай і фаўнай астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна. Аўтар шматлікіх публіцыстычных твораў, высока ацэненых М. Горкім, У. Караленкам, Рабіндранатам Тагорам, цікавіўся філасофіяй і сацыялогіяй, ведаў 10 моў, сярод іх японская і кітайская.

Судзілоўскаму як спецыялісту ў галіне этнаграфіі, энтамалогіі, хіміі, біялогіі, аграноміі былі прысвоены ганаровыя званні члена Амерыканскага таварыства генетыкаў, навуковых таварыстваў Японіі, Кітая і іншых краін.

Алег Дзьячкоў
Снежань, 2015

Instagram
Vkontakte
Telegram