Среда, 30 декабря 2015 14:37

Майсей Сяднёў. 100 год

Наш выбітны зямляк, паэт і празаік Майсей Сяднёў, на вялікі жаль, не дужа вядомы у сябе на радзіме — на Магілёўшчыне. Пад час сталінскіх рэпрэсій і ў часы вайны пісьменніку прыйшлося зведаць усе нягоды таталітарнай сістэмы, ў выніку чаго большая частка жыцця Майсея прайшла па-за межамі Беларусі.


Майсей Сяднёў. 100 год

Снежань
Каляндар лістае месяц снежань.
На маёй радзіме, пэўна, снег.
Вечароў не п’юць дзяўчаты свежасць,
Хлопцы ў полі кінулі начлег.
Снег засыпаў вуліцы і поле —
Не знайсці табе слядоў маіх.
У хвіліну цяжкую ніколі
Не глядзець табе цяпер на іх.
Снежань выбеліў усё на свеце,
Асляпляе бель пагляд вачэй.
Бела ўсё і сонцам усё свеціць,
Ды душа твая чарней начэй.
Каляндар гартай, лагодны снежань,
Белую пасцель начам сцялі.
Разлівай успененую свежасць —
Я забыт не ўсімі на зямлі.


Майсей Сяднёў. 100 годГод 2015 завяршаецца, год юбілейны для паэта, і каб крыху болей спрычынніцца да жыцця і творчасці дзеяча, мы з сябрамі вырашылі наведаць у вольную часіну родныя мясціны, што ўзгадавалі гэты самабытны талент.

У нядзелю, 27 снежня, накіраваліся на легкавіку ў Касцюковіцкі раён. Спачатку завіталі ў мясцовы краязнаўчы музей. Там паразмаўлялі з ветлівай загадчыцай, пагарталі кнігу «Памяць» і даведаліся, што вёска Мокрае знаходзіцца ў Чарнобыльскай зоне, зоне адсялення.

Такога мястэчка на сучасных мапах ужо не знайсці, а тамтэйшыя жыхары пераселеныя ў розныя вёскі, у тым ліку ў аграгарадок Крапіўня, куды мы таксама заехалі. Пагаманілі са старымі бабулькамі, якія з ахвотай распавялі пра даўняе жыццё вёскі Мокрае, прыгадалі яе гісторыю, узгадалі нешта цікавае і пра сям’ю Сяднёвых, сваіх аднавяскоўцаў.


З сястрой Марфай. Сустрэча праз паўвека. Касцюковічы, май 1990 г.д
З сястрой Марфай. Сустрэча праз паўвека. Касцюковічы, май 1990 г.

Пастушка
Ціхі захад у лагчынах
Сонца тушыць.
Гоніць статак на спачынак
Свой пастушка.
Жыта коласам багатым
Даспявае.
Падганяе яна статак
І спявае.
Спеў ліецца і па полю,
І па рэчцы.
Кіне яна хуткі погляд,
Усміхнецца.
Асядае пыл на плечы
І на косы.
У траву халодны вечар
Роніць росы.
Яркнуць радасцю нязнанай
Яе вочы:
—Сенажаці, лес, паляны,
Добрай ночы!

1933, в. Мокрае


З унукамі Колем і Кацей (дзецьмі Валодзі). Глен Клоў, жнівень 1991 г.
З унукамі Колем і Кацей (дзецьмі Валодзі). Глен Клоў, жнівень 1991 г.

Нарадзіўся Майсей Сяднёў 1 верасня 1915 года ў вёсцы Мокрае Клімавіцкага павета (зараз Касцюковіцкі раён) Магілёўскай губерніі ў сялянскай сям’і. Бацькі прыклалі ўсе намаганні, каб сын атрымаў добрую адукацыю. Спачатку скончыў школу-сямігодку ў Саматэвічах (радзіма Аркадзя Куляшова). А затым у 1930 годзе паступае ў Мсціслаўскі педтэхнікум, дзе навучаецца з таленавітымі пісьменнікамі Змітраком Астапенкам, Юліем Таўбіным, Аркадзем Куляшовым.

У 1933 годзе становіцца студэнтам літаратурна — лінгвістычнага аддзялення Мінскага вышэйшага педінстытута. Піша ў гэты час вершы і нават складае паэму «Маці — Беларусь». Найбольшы уплыў у тыя гады на пісьменніка аказвалі вядомыя беларускія пісьменнікі: «... у ладнай меры вызначылі маю жыццёвую пуцявіну ў нацыянальным і літаратурным сэнсе. Я. Купала, Я. Колас былі для мяне болей, вышэй, чым літаратура. Ніводзін з самых вялікіх класікаў свету, якіх я тады ведаў, не прамаўляў да мяне так, як яны».

Творчасць Майсея Сяднёва, як маладога паэта была заўважана, што надавала веры і натхнення на далейшую стваральную працу. Але ў 1936 годзе 21 — гадовага паэта, студэнта апошняга курса педінстытута, органы НКУС арыштавалі і пасадзілі ў мінскую турму.

Толькі тады Сяднёў зразумеў словы свайго земляка Аркадзя Куляшова, які аднойчы, паслухаўшы вершы Майсея, сказаў: «Ты захварэў на небяспечную хваробу». Майсея Сяднёва абвінавацілі ў «нацдэмаўшчыне», а па афіцыйнай версіі арыштавалі за ўдзел у міфічнай «антысавецкай, контррэвалюцыйнай» арганізацыі, якая была ўтворана ў педінстытуце.

Як узгадваў паэт пазней: «Свет зачыніўся для мяне. Я мог размаўляць толькі з самім сабой, але гэта магло прывесці да вар’яцтва. Мне зрабілася вельмі шкада сваіх бацькоў. Адзіным маім жаданнем было тое, каб яны не так хутка даведаліся аб усім. Я не хацеў атручваць іх і без таго цяжкае жыццё. Апрача гэтага, я знаў, што ў калгасе, дзе яны працавалі , да іх будуць адносіцца як да бацькоў, сын якіх з’яўляецца «ворагам народа».


Сустрэча ў Мінску з Адамам Мальдзісам. Май 1990 г.
Сустрэча ў Мінску з Адамам Мальдзісам. Май 1990 г.

Уночы
Толькі я лягу і вочы зажмуру,
Толькі растану ў ночнай цішы,
Пад здрыгі таемныя муру
Песня снуецца ў душы.
Просіцца песня на волю —
У неспазнаны шчэ свет.
Песня мая, ты не мучайся болей —
Волі не мае твой ціхі паэт.
Не заляцець табе птушкай за краты,
Колькі ні біся гарачым крылом:
У сутарэнні , галубка мая ты,
Разам з табою памром.

Мінск, турма


З сынам Якуба Коласа Данілам Канстанцінавічам. Май 1990 г.
З сынам Якуба Коласа Данілам Канстанцінавічам. Май 1990 г.

Пачаліся страшныя гады зняволенняў: Мінск, Магілёў, Новасібірск, Томск, Краснаярск, Іркуцк, Улан-Удэ, Чыта, Хабараўск, Уладзівасток, Японскае мора, параход «Трансбалт», які перавозіў 7500 знявлоеных да Магадана, адтуль па 800-кіламетровай шашы, пракладзенай паміж гор і балот рукамі «ворагаў народа», да Калымы, на здабычу золата.

У катаржныя гады ў паэта пачалося моцнае перакананне, што, каб выжыць, неабходна ўмацоўваць свой унутраны псіхалагічны стан. І ў гэтым намеры яго падтрымкай былі беларускія вершы, якія, як адзначае Лідзія Савік, не давалі апасці душой, загінуць, аберагалі ад прыніжэння чалавечай годнасці, турэмнай рэальнасці.

Цыкл нявольніцкіх вершаў, напісаных па памяці ў Мінскай турме, на Калыме, атрымаў пазней назву «Патушаныя зоры.» Адбыўшы чатыры гады на Калыме, Майсей Сяднёў ў 1940 годзе накіраваны ў Мінск. Восем месяцаў цягнулася новае следства, дадаваліся новыя абвінавачванні. Суд, які быў прызначаны на 26 чэрвеня 1941 года, мог скончыцца для творцы вышэйшай мерай пакарання. Але пачалася вайна, і вязняў з мінскай турмы пешшу пагналі па магілёўскай шашы ў накірунку горада Чэрвень.

Калі вязняў прыгналі ў горад, то на двары мясцовай турмы іх падзялілі на дзве групы: у адну паставілі крымінальнікаў, у тым ліку і Сяднёва, а ў другую — палітычных. Крымінальнікаў адпусцілі, а палітычных расстралялі за межамі горада. На месцы гэтай трагедыі зараз усталяваны памятны знак, да якога кожны год 26 чэрвеня ідуць людзі.

Майсею Сяднёву пашчасціла пазбегнуць расстрэла, і ён вяртаецца да сябе на радзіму — ў вёску Мокрае. Вось як гэтае вяртанне да хаты пасля зняволення пісьменнік апісвае ў сваім рамане «І той дзень надышоў»: «Я падыйшоў да свае вёскі... Ад самага Чэрвеня, дзе нас кінуў канвой, я іду, хаваючыся, каб мяне не затрымалі, каб дайсці... Я цяпер ужо дома, я ўжо тут, я зараз пераступлю свой парог!.. Стаю і не адважваюся адчыніць дзвярэй — як гэта так, адразу! Збіраюся з духам. А дзверы адчыняюцца самі — маці! Спужалася. Войкнула. Зайшлася ціхім плачам. Я ў хаце. Бацька сціскае мяне ў сваіх абдымках. Сястра цалуе і таксама не можа ўстрымацца ад плачу. Бацька ў спеху зацемніў вокны. Запаліў лямпу. Маці, зірнуўшы, у чым я, зноў залілася слязьмі: ногі ў мяне анучамі абкручаныя, ватнікі ў дзюрках свеццяцца маім голым целам, спарахнелая ад поту кашуля ледзьве трымаецца на плячах, на голай шыі нешта накшталт шаліка, на галаве — кепка-бесказырка. Мяне садзяць за стол, я ледзьве пераступаю — ногі сцішаныя, не хочуць ісці. Я збіў іх, ідучы шашою. Мне даюць есці і піць, ды ад усхваляванасці я не магу за гэта ўзяцца — плачу сам ад радасці і гора...».

Вельмі падобная сцэна апісаная ў рамане Івана Чыгрынава «Апраўданне крыві». Чыгрынаў, дарэчы, нарадзіўся ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна, недалёка ад вёскі Мокрае.

Да 1943 года Майсей Сяднёў жыве ў Мокрым і Касцюковічах. У той час ў яго ўжо была ўласная сям’я — жонка Дуся і сын Васіль. Затым пераязджае ў Польшчу, жыве пэўны час у Чэхаславакіі і Германіі. У 1950 годзе едзе на сталае жыхарства ў Злучаныя Штаты Амерыкі.


Масей Сяднёў у Моргэн-парку. Глен Клоў, ЗША
Масей Сяднёў у Моргэн-парку. Глен Клоў, ЗША

У часы перабудовы ў СССР прыязджае на Беларусь наведаць сваю малую радзіму Касцюковічы, сустрэцца праз дзесяцігоддзі са сваімі сваякамі і сябрамі. У 1992 годзе быў рэабілітаваны. А ў 1995 у часопісе «Полымя» (№ 2-4) друкуецца аўтабіяграфічны твор «Раман Карзюк». Непаўторнымі ўспамінамі і разважаннямі дзеліцца Сяднёў ў «Майсеевай кнізе».

У гэтым творы самымі захапляльнымі старонкамі з’яўляюцца ўспаміны пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Пушчу, М. Зарэцкага, Б. Кіта, А. Дудара і многіх іншых. У адным з інтэрв’ю у адказ на пытанне, каго б ён больш за ўсё на свеце жадаў для сябе, для Беларусі, для свету, Масей Сяднёў зазначыў: «Для сябе — заставацца і надалей з падманнай уявай прыгожага, узнёслага; для Беларусі — каб яна стала Беларуссю, каб наш народ усвядоміў сябе нацыяй з гістарычнай місіяй, каб ён быў здольны абараніць сябе, быў свядомы адносна сваёй мовы, сваёй гісторыі, каб беларускі паэт не быў у яго нечым непатрэбным; для свету — міру, духоўнага ўзвышэння, гармоніі».

Не стала Майсея Сяднёва 4 лютага 2001 года. Пахаваны ён ў ЗША на беларускіх могілках Саўт — Рывэра, штат Нью — Джэрсі.


Пад час сустрэчы ў Мінску. Мікола Кусянкоў, Серафім Андраюк, Масей Сяднёў, Васіль Хомчанка, Барыс Сачанка. Май 1990 г.
Пад час сустрэчы ў Мінску. Мікола Кусянкоў, Серафім Андраюк, Масей Сяднёў, Васіль Хомчанка, Барыс Сачанка. Май 1990 г.

Маім бацькам
Цярплю мароз і холад я, і дую,
Няма дзе прытуліць самотнай галавы.
Ніхто мяне на свеце не шкадуе —
Адзіныя ў мяне ёсць толькі вы.

Ды я сябе ніколькі не шкадую,
І колькі б я душой сваёй ні гас,
Сцярплю я ўсё — мароз і дую,
Ды толькі не сцярплю, калі я страчу вас.

1937, Марыінск, лагер


Да песняў
Нашто вас, песні, я складаю,
Згасаючы ў нямой цішы?
Нікога сёння я не маю,
Пагаварыць каб ад душы.
Я скуты ў цёмным сутарэнні,
Я загараюся агнём,
Ды думы ўсе і ўсе імкненні
Тут робяцца дарэмным тлом.
Так кожны дзень бяссільна б’юся,
У галаве — страшэнны тлум...
Ніхто з радзімай Беларусі
Не прачытае маіх дум.

1941. Мінск, турма


Маладым
Я не супраць і месяца й зорак —
Іх п’яное святло я піў.
На цяпло закаханых гаворак
Яны сыпалі вогненны пыл.
Не былі для мяне яны хлебам,
А былі — як далёкія караблі.
Я хацеў паздымаць іх з неба,
Каб гарэлі яны на зямлі.
Уначы мы свой край асвячалі,
Ды у цемры густой ён гас.
І піхалі людзі з ключамі
За жалезныя краты нас.
Не зніжайце вы лёту крылляў
І не трацьце вачэй сінявы:
Там, дзе мы упадзём без сілаў,
Там павінны падняцца вы.


Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніл Гілевіч сустракае Масея Сяднёва ў Мінску. Май 1990 г.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніл Гілевіч сустракае Масея Сяднёва ў Мінску. Май 1990 г.

Айчына
Я апынуўся зноў на беразе другім,
Што стаўся мне айчынаю адзінай.
Я прысягнуў яму жыццём маім
І песняю маёю лебядзінай.

Я здабываў цябе за пядзяй пядзь.
Ты цвёрдаю навукаю мяне вучыла.
Не лёгка мне было цябе прыняць,
Яшчэ цяжэй — назваць чваёй айчынай.

Бо іншая, бацькоўская мая
Бесперастанку біла ў маё сэрца.
Пакінуў лёгка Бацькаўшчыну я,
Мо скажа хто. Не верце!

Лячыўся ад яе, як толькі мог.
Праз сон яе не раз я клікаў.
Яна і сёння дзесь у тайнікох
Ляжыць пакутаю вялікай.

Яна мне залацісцей усіх брам.
Я свята верыў у яе і веру.
Калі я гэты бераг і абраў,
Не значыць, што забыў я іншы бераг.

...Я апынуўся зноў на беразе другім,
Што стаўся мне радзімаю адзінай.
Я прысягнуў яму жыццём маім
І песняю маёю лебядзінай.
Травень 1983 г. Нью — Ёрк


Са Святланай Сачанка і Лідзіяй Савік. Нью-Ёрк
Са Святланай Сачанка і Лідзіяй Савік. Нью-Ёрк

Алег Дзьячкоў
Снежань, 2015

Instagram
Vkontakte
Telegram