Среда, 04 января 2012 14:24

Я, Леў Сапега, стараста магілёўскі, паведамляю…

Я, Леў Сапега, стараста магілёўскі, паведамляю…Партал MyCity.by пачынае публікацыю ўнікальных юрыдычных дакуменаў, якія маюць дачыненне да магілёўскай гісторыі ХVII ст. Сёння да ўвагі нашых чытачоў мы прапануем заяву Льва Сапегі, магілёўскага старасты, аб непадначаленні праваслаўных жыхароў Магілёва ўніяцкаму архібіскупу Антонію Сяляве. Прыслухайцеся да сэрцабіцця гісторыі свайго горада! У полі зроку змрочныя часы магілёўскай контррэфармацыі. Кропка адліку: 22 мая 1621 года.


Леў СапегаЯ, Леў Сапега, паведамляю гэтым лістом пра тое, што пасля майго прыезда ў Магілёў, а менавіта ў замак яго каралеўскай мосці, ігумен царквы і кляштара Святога Спаса, вялебны айцец Гервасі Гасцілоўскі, неаднаразова паведамляў мне пра крыўды, якія церпяць манахі кляштара ад бургамістраў, райцаў, лаўнікаў і ўсіх магілёўцаў. Айцец Гервасі казаў мне пра тое, што гараджане, забыўшыся на свае абавязкі, а таксама на падданства сваё, не жадаюць падпарадкоўвацца айцу вялебнаму Антонію Сяляве, архібіскупу Полацкаму, Віцебскаму і Мсціслаўскаму — свайму пастыру, адмыслова прызначанаму ў Магілёў.

М. СматрыцкіНасуперак гэтаму магілёўцы прызнаюць ілжывага пастыра Мялеція Сматрыцкага, прасталюдзіна, не шляхціца (што пярэчыць усім тым прывілеям, якія з даўніх часоў падараваны каралём). Прызначаны Сматрыцкі не каралём, яго мосцю, а незаконна, супраць волі і намераў караля. Асмеліўся той Сматрыцкі атрымаць блаславенне ў ілжэпастыра Феафана, які сам сябе называе патрыярхам Іерусалімскім. Але патрыярх Іерусалімскі ніколі не меў і не мае зараз на каралеўскіх землях ніякай улады. Насуперак канонам і законам Святых Айцоў, той «патрыярх» прыбраў сабе ўладу ў чужой епархіі і асмеліўся незаконным чынам блаславіць гэтага Мялеція Сматрыцкага на біскупства Полацкае.

Месцічы магілёўскія, прызнаваючы яго за пастыра, чыняць вялікую прыкрасць і ўраду, і яго каралеўскай мосці, бо толькі яго міласці каралю падаравана Богам права раздаваць бенефіцыі — як грэчаскія, так і лацінскія. А той, хто чыніць насуперак каралю — прайдзісвет, які не можа быць пастырам.

Яшчэ казаў мне айцец Гервасій пра школу, якая спраконвеку належала да кляштара Святога Спаса і гвалтам адабраная ў яго горадам у 1618 г. На падставе нядаўняга суда вырашана школу вярнуць разам з царквамі і фундушамі пад уладу вялебнага айца Ісафата Кунцэвіча. Я, будучы ў Магілёве, уладаю старасты, нагадваў магілёўцам, бургамістрам, райцам і лаўнікам, прасіў іх не пярэчыць больш каралеўскай волі.

Leo Sapieha, woiewoda Wileński, 22.05.1621

Леў СапегаІсафат Кунцэвіч
Просмотров: 26387
Instagram
Vkontakte
Telegram