Вторник, 25 марта 2008 11:16

Маленькая прынцэса

Портреты

Мінскі глядач упершыню меў пазнаёміцца з Сарай Токінай на сцэне студэнцкага тэатра БелДАМ. Курс рэжысёраў традыцыйна рабіў акцёрскую курсавую. Экзюперы, «Маленькі прынц». У галоўнай ролі дзяўчына. Мы ўжо забыліся, што такое інжэню, дык вось Сара не грала хлопчыка, яна грала цікаўнасць і непасрэднасць. Зрэшты, ці грала?.. Адзін з асноўных тэатральных пастулатаў кажа, што нельга быць і граць адначасова. Дык Сары Токінай па жыцці гэтая самая цікаўнасць і непасрэднасць уласцівы.

Калі падчас творчай сустрэчы з гледачамі (можа іх і шмат адбываецца, я назіраў адну) гэтая кволая дзяўчынка выходзіць на сцэну, абавязкова некая чуллівая беларуская кабета прамовіць, маўляў, як гэта дзіўна, такая крохкая, а ўжо рэжысёр. Мы прызвычаіліся да рэжысуры, як да кіраўнічага вокрыку: «Не веру! З трэцяй лічбы пачалі! Усе вольныя!» І праз гэта забыліся, што спектаклі не толькі «будуюць», але і «выдумляюць». Рэжысёр-летуценік сасваімі прусакамі ў галаве, здольны захапіць сваімі ідэямі артыстаў і, што галоўнае, тэатральных кіраўнікоў — вось вобраз новай генерацыі рэжысёраў, сярод якіх Сара Токіна займае пачэснае месца.

Што датычыцца спектакля «Сталіца Эраўнд», то яго не мусіла быць. Пўеса адпачатку не была напісана «пад Мінск», але аўтар Сяргей Гіргель у сціслыя тэрміны яе перапісаў. Ды і акцёрам матэрыял не спадабаўся. Я здзіўлюся, калі Дзяніс Паршын вам таго яшчэ не паспеў паведаміць. Так што нават іх удзел у чытцы ў свой час быў пад вялікім пытаннем. Да спектакля прыдумалі прыгожую, але дужа дарагую дэкарацыю, якая ўзносіла каштарыс да нябёсаў. Я не ведаю, хто гэты чалавек, які здолеў прапіхнуць гэты праект, каб яго можна было ўрэшце рэшт прывезці ў Магілёў. Вой жа! Гэты ж тэкст прысвечаны Сары Токінай, можа, сапраўды яна?

Рэжысёр вельмі паказальная прафесія, менавіта ў абставінах, калі вынік тваёй працы залежыць ад вялікай колькасці народу, бачна, чаго ты сапраўды варты. Сара Токіна вартая таго поспеху, якім «Сталіца Эраўнд» карыстаецца ў Мінску, яна вартая тых спрэчак, якія гэты спектакль выклікае, яна вартая ўвагі і павагі. Зрэшты як і любы маленькі прынц унутры нас.

Алекс Стрэл
Просмотров: 2538
Instagram
Vkontakte
Telegram