Вторник, 25 марта 2008 09:51

НЕцiкава

Авторская колонка

Алекс СтрэлШто такое «цікава»? Я неяк спытаў знаёмага, чаму на яго спектаклі прыходзяць людзі. Ён адказаў, маўляў, спадзяецца, што ім цікава. Я спаведую эгаістычныя тэорыі: пасапраўднаму нас цікавяць толькі мы самі. Праз цікавасць выяўляецца наша суаднесенасць са знешім светам, наколькі знешні свет нам цікавы, настолькі мы ў ім прысутнічаем. Значыць абыякавы чалавек гэта той, які ні якім чынам не прысутнічае ў навакольным ассяродзі? Альбо проста не ўмее гэтай прысутнасці пабачыць…

У нядзелю дэбютаваў праект паказу рэжысёрскіх урыўкаў, пра што я дазволю сабе нічога не казаць. Не толькі таму што мне не цікава, але і таму што самі ўдзельнікі праекту пакуль не выявілі зацікаўленасці ў тым, каб пачуць нейкае меркаванне.

Што праўда я з цяжкасцю ўяўляю сітуацыю, калі мастак звяртаецца да навакольніх людзей з павіннай: у мяне не атрымалася, што рабіцьў Што мы мусім адказаць?.. Параіць варыянты? Звярнуць увагу на тое, што ўсё ж атрымалася? Паспрабаваць знайсці канструктыў у памылках? Гэта і называецца «вучыцца». Такое можа адбыцца толькі пры грамадскім працэсе, супольным.

Тут успамінаецца сцэна са спектакля «Апошнія». «Энергічныя людзі» толькі што дамовіліся аб плане дзеянняў (сабраць грошы, дабіцца месца, прадаць малодшую сястру). Але раптам яны на імгненне замерлі, нібыта баючыся пачаць. Таму што толькі разам, як зграя ваўкоў, яны значна мацней… маецца на ўвазе ўпэўненей. Па-асобку яны часам няздатныя ўпэўніць у сваёй рацыі нават саміх сябе. Толькі ў суполцы можна знайсці сілы займацца справай, у якой ты няўпэўнены.

Я не веру ва ўпэўненага ў сябе мастака. Эстэтычнае, пачуццёвае — увогуле сфера няпэўная. Іншая справа, што ён зусім не абавязаны праэцыраваць сваю няўпэўненасць наўкол, асабліва для такой традыцыйна аўтарытарнай прафесіі, як рэжысёр. Акцёрам наўрад ці цікава будзе працаваць з некім, хто дакладна не ведае, чаго хоча. У чым цікавостка акцёрскай працы?

Мы ізноў вярнуліся да тэмы «цікавасці». Што цікавага ў спектаклі «Апошнія»? Чаму героі ходзяць у верхняй вопратцы? Чаму за сямейны стол так і не селі разам? Чаму Івану Каламійцу патрэбна многа святла? Чаму Аляксандр у апошняй сцэне мільгаціць на заднім плане? На гэтыя пытанні няма прамых адказаў, бо яны маюць сваім прадметам сцэнічныя вобразы. А вобраз жыве, пакуль у ім ёсць загадка, калі ён разгаданы, асвоены, выплыў з нашага падсвядомага ў свядомасць, калі ён ужо пройдзены этап — ён ужо не можа быць цікавым.

Алекс Стрэл
Просмотров: 4447
Instagram
Vkontakte
Telegram