Четверг, 22 мая 2014 10:59

"Зялёныя святкі" ў Магілёве прайдуць як ніколі з размахам – асаблівая увага дзецям

“Зялёныя святкі” ў Магілёве прайдуць як ніколі з размахам – асаблівая увага дзецям

Свята беларускай традыцыйнай культуры "Зялёныя святкі" адбудзецца ў Магілёве 1 чэрвеня ў рамках святкавання Дня абароны дзяцей. Мерапрыемства сумесна рыхтуюць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства сумесна з гарадскім выканаўчым камітэтам. Месцам правядзення традыцыйна стане этнаграфічны комплекс народных промыслаў у Зялёным Гаі - мікрараён "Спадарожнік".

«Зялёныя святкі» — характэрная для Магілёўшчыны назва траецкіх святаў, якая адлюстроўвае ўласцівае для гэтага перыяду ўшанаванне зеляніны, дрэваў, кветак, што знаходзяцца ў сваім росквіце. Менавіта яны будуць прыродным атачэннем гуляння, вызначаючы яго вобразнасць і змест. Для аздаблення тэрыторыі фэста плануюць выкарыстаць аб’екты лэнд-арту.

На святочных пляцоўках можна будзе паўдзельнічаць у траецкім абрадзе завівання бярозак і кумлення, які зладзяць носьбіты традыцыі з Бялыніцкага раёна, прыняць удзел у традыцыйных гульнях і танцах. Гасцям свята прапануюць паслухаць абрадавыя і лірычныя спевы ў выкананні фальклорных гуртоў, паўдзельнічаць у майстар-класах па традыцыйных рамёствах і павучыцца вырабу страў народнай кухні. Акрамя гэтага, на свяце будзе працаваць кірмаш рамёстваў. У канцэртнай праграме выступаюць гурты «Горынь», «Мярэжа», «Рутвіца», «Рада» і інш. Завершыць вечар акустычна-электронны выступ гурта " Ягорава гара" з Гомеля.

“Зялёныя святкі” ў Магілёве прайдуць як ніколі з размахам – асаблівая увага дзецямУ гэтым годзе асаблівую ўвагу адвядуць арганізацыі адпачынку дзяцей. На сцэнічнай пляцоўцы будуць выступаць дзіцячцыя фальклорныя гурты, рамеснікі будуць праводзіць заняткі і для маленькіх магілёўцаў. Напрацягу ўсяго свята дзеці розных узростаў змогуць далучыцца да гульняў разам з праектам " Забаўлянкі для Янкі«.

Свята аб’яднае вялікае кола людзей, шчыра зацікаўленых у захаванні і развіцці народнай беларускай культуры. Фармат правядзення мерапрыемства дазволіць далучыцца да гэтай справы ўсім жадаючым. Арганізатары ўпэўнены, што людзі самага рознага ўзросту і сфер інтарэсаў змогуць адкрыць, пабачыць і пачуць шмат цікавага і невядомага ім раней, а таксама што ім перадасца тая любоў і павага, з якой мы ставімся да традыцыйнай культуры.

Уваход вольны.

Праграма свята

14:00–15:00
Можна наведаць кірмаш рамёстваў, сплесці сабе траецкія вянкі. Дзяўчаты заплятуць усім жадаючым прыгожыя косы. У гэты ж час гурт «Журавінкі» з вёскі Цяхцін Бялыніцкага раёна зладзіць траецкі абрад з удзелам гледачоў. Гурт «Весялухі» клуба аматараў фальклорнай песні «Добрасць» з вёскі Касцюшкавічы Крычаўскага раёна прадставіць веснавыя ды траецкія песні.

15:00–16:00
Канцэртная праграма для дзяцей ад гуртоў «Калыханка» (Міханавічы, Мінскі раён) і «Верабейкі» (Любань, Мінская вобласць). Выступленні аўтэнтычных гарманістаў: Дмітрый Русецкі (Клічаў, Магілёўская вобласць), Васіль Семашкевіч (Любань, Мінская вобласць), Віктар Шыпкоў (вёска Маркавічы, Гомельскі раён). З гэтага ж часу пачнуцца майстар-класы па рамёствах (шапавальства, лепка з гліны, птушкі з паперы), а таксама праца гульнёвай пляцоўкі — для маладых матуль і самых маленькіх дзетак адбудзецца майстар-клас па народных забаўлянках (праект «Забаўлянкі для Янкі», Віцебск). На танцавальнай пляцоўцы — танцы Мсціслаўскага раёна з Ціханоўскім.

16:00–17:00
Танцавальная пляцоўка — гурт «Весялухі» клуба аматараў фальклорнай песні «Добрасць» (вёска Касцюшкавічы, Крычаўскі раён). Гульнявую праграму для дзяцей ад 6 год працягвае Сяргей Выскварка і «Верабейкі» (Любань, Мінская вобласць). На рамесніцкіх пляцоўках — лялькі з травы, ткацтва паясоў, пляценне капелюшоў з саломы. Традыцыйная кухня будзе прадстаўлена гатаваннем і дэгустацыяй кулагі. Да таго ж пад час усяго фэста можна будзе пакаштаваць распісныя пернікі, салодкія кветкі, самаробны сыр.

17:00–18:00
Працяг майстар-класаў па рамёствах (жаночае рукадзелле, выраб традыцыйнай лялькі), гульнях і танцах. Рамёствы — вырабы з гліны на ганчарным коле, набіванка, выцінанка, вязанне, вышыўка, тэкстыльныя лялькі. З дзецьмі пагуляе Ларыса Рыжкова, этнапедагог і кіраўнік гурта «Калыханка» (Міханавічы, Мінскі раён). Этнахарэограф Сяргей Выскварка правядзе танцавальны майстар-клас для дзяцей і дарослых.

18:00–20:30
Вячэрні постфальклёрны канцэрт. Траецкія, русальныя, купальскія спевы ў выкананні гуртоў «Паўночная Сухадроўка» (Віцебск), «Глейна» (Гарадок), «Рутвіца» (Мінск), «Мярэжа» (Мінск), «Горынь» (Мінск). Традыцыйная інструментальная музыка і лірычныя спевы. Выступяць гурты «Варган» (Полацк), клуб традыцыйнага мужчынскага спеву «Дунай» (Мінск), «Рада» (Мінск), Раман Яраш і Юлія Літвінава (Мінск), музыкі з Мінска Яўген Барышнікаў, Дзяніс Сухі, Стась Чавус, Васіль Грынь, гурт дударскай музыкі «Люташ» (Мінск). Завершыць праграму выступленне гурта «Ягорава Гара» з акустычна-электроннай праграмай (Гомель).

Музычна-танцавальнае суправаджэнне ўсяго фэста арганізуе капэла «Натаку» і танцавальны клуб «Сіта» з Мінска.

Рэд.

Просмотров: 3041
Instagram
Vkontakte
Telegram