Вторник, 08 декабря 2015 10:24

Фестываль беларускага незалежнага кіно пройдзе ў Магілёве 9 снежня

Фестываль беларускага незалежнага кіно пройдзе ў Магілёве 9 снежня

Bulbamoviе — фестываль беларускага незалежнага кіно пройдзе ў Магілёве 9 снежня ў анцікафэ «Падстрэшак». З 2011 года фестываль ладзіцца ў Варшаве, сёлета яго ўпершыню прэзентавалі ў Мінску. І нарэшце ён разышоўся па абласных гарадах.

У праграме не толькі паказ фільмаў-пераможцаў фестывалю, але і сустрэча з вядомым беларускім кінакрытыкам Максімам Жбанковым, а таксама аўтарам карціны «Адной крыві» Мітрыем Сямёнавым-Алейнікавым, які атрымаў «Залатую бульбу». Усе стужкі, якія «прыедуць» да магілёўскага гледача, былі прадстаўлены таксама на фестывалі «Лістапад-2015».
Спіс фільмаў, якія будзем глядзець:

1. «Адной крыві» (маст., 15 хв., рэж. Мітры Сямёнаў-Алейнікаў),
прыз «Залатая бульба», гран-пры гледачоў.
Адзін — памяркоўны, другі — шалёны. Адзін — адказны, другі — рашучы. Яны браты. Але чаго вартае тое братэрства ў свеце татальнага супрацьстаяння? І праз якія выпрабаванні трэба прайсці, каб зразумець адзін аднаго? Выбуховая сацыяльная драма з нечаканым фіналам.

2. «Пасха Хрыстова» (дак., 13 хв., рэж. Дар’я Юркевіч), прыз «Залатая бульба».
Свята ў сэрцы, свята ў душы. Што з ім рабіць? І што яно робіць з намі? На Вялікдзень народ цягнецца да невялічкай царквы на ўскраіне Мінска. Народ розны. І свята таксама рознае. Амаль рэпартажная і адначасова вельмі стылёвая — чорна-белая паштоўка з глыбіні беларускай падсвядомасці.

3. «Кансьерж» (маст., 9 хв., рэж. Робэрт Сэнэка), прыз «Бронзавая бульба».
У гэтым доме ўсё залежыць ад канкрэтнай адказнай асобы. Вельмі канкрэтнай. Вельмі адказнай. І вельмі спрэчнай. На яе месца нібыта хапае прэтэндэнтаў. Але хто яны, і як з імі пазнаёміцца наіўнаму жыхару з трэцяга паверха?

4. «Пугач» (маст., 12 хв., рэж. Сяргей Каласоўскi), спецпрыз за лепшы гук
Дзяцінства — не шчасце, а праблема. Асабліва калі на двары змрочныя 1990-я, ты граеш на флейце, а насустрач валяць сур’ёзныя пацаны з сур’ёзнымі прапановамі. Адмовіцца сорамна, пагадзіцца праблемна... Драматычнае падлеткавае рэтра пра вайну за каляровыя жуйкі.

5. «Амэрыкан бой» (маст., 25 хв., рэж. Мікіта Лаўрэцкі), другі прыз гледачоў
Варта адвучыцца ў Амерыцы, каб зразумець, што вяртацца няма куды: горад амаль непазнавальны, сяброўкі амаль чужыя, а лепшы сябар збірае выявы былога Мінска і выдумляе саўндтрэкі да прахадных двароў. Мы побач, але ці разам?

6. «Беларусь якая» (маст., 25 хв., рэж. Улада Сянкова і Святланa Сакалоўская), трэці прыз гледачоў.
Простыя пытанні — самыя складаныя. Напрыклад, Беларусь — яна якая? Настаўніца запыталася — а ты адказвай сабе, як хочаш. Хлопчык шукае Беларусь на вуліцах Мінска, сярод хіпстэраў, турыстаў, вулічных музыкаў, маляўнічых мінакоў і дасведчаных спажыўцоў піцы. Ці атрымаецца скласці з гэтага выяву краіны?

Пачатак у 19:00. Уваход вольны.

Рэд.

Просмотров: 1104
Instagram
Vkontakte
Telegram