Четверг, 17 декабря 2015 12:26

“Лялькі для чароўнай ёлкі”: у музеі імя П.В.Масленікава адкрылася выстава магілёўскіх чараўніц

“Лялькі для чароўнай ёлкі”: у музеі імя П.В.Масленікава адкрылася выстава магілёўскіх чараўніц

Больш за 200 работ сабрана на выставе майстроў народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чараўніцы», якая адкрылася ўчора ў музеі імя П.В.Масленікава. Пад агульнай назвай «Лялькі для чароўнай ёлкі» схаваны не толькі непаўторныя цацкі, а таксама карціны, вырабы з бісеру, дрэва, паперы, ільну, саломкі і іншых матэрыялаў.

Атмасферная выстава размясцілася ў зусім невялічкім пакоі, таму на першы погляд можа падацца, што і экспанатаў тут не так і шмат. Але толькі прыгледзішся — адразу разумееш маштаб гэткай пераднавагодняй гісторыі. Бо, каб зрабіць невялічкую ляльку, напрыклад, патрабуецца часам ювелірны падыход. А маленькіх прыгажунь тут безліч.

«Чараўніцам» сёлета споўніўся 21 год, і зараз у студыі налічваецца 24 майстра, добрая частка з якіх мае званне «Народны». Дзяўчаты — а большасць тут менавіта жанчын — удала спраўляюцца з лазой, саломкай, займаюцца роспісам па тканіне, вышываюць, вяжуць.

Кіраўнік студыі «Чараўніцы» Святлана Цімашэнка — прадстаўнік Беларускага саюза майстроў народнай творчасці па вязанні — на адкрыццё выставы прыйшла ў аўтарскім нарадзе. Жанчына прызнаецца, калі здольны зрабіць сам, то і купляць у краме неяк сорамна. Вось і навагоднюю ёлку дома абавязкова ўпрыгожыць цацкамі hand-made.

І сумнявацца ў тым, што гэта будзе цудоўна, не даводзіцца. Бо тут жа на выставе гатовы прыклад — чараўная ёлка, якую дзеткі разам з дарослымі ўпрыгожылі вырабамі ад магілёўскіх чараўніц. Званочкі, анёлы, шары...

«Творчасць тут разнастайная, — кажа вучоны сакратар музея Любоў Багам’я, — абсалютна розныя напрамкі, але ў кожным — мастацкія традыцыі і пошук новых сродкаў выразнасці. Гэта адлюстроўвае прыгажосць, талант і свет душы нашых чараўніц».

Наведаць выставу можна да 31 снежня.

Фото

Наталля Шараева

Просмотров: 1217
Instagram
Vkontakte
Telegram