Суббота, 11 января 2014 09:12

Новы “Кірмаш праектаў” у Магілёве: чаканыя культурніцкія амбіцыі

Новы “Кірмаш праектаў” у Магілёве: чаканыя культурніцкія амбіцыі

Новы “Кірмаш праектаў” адбудзецца ў Магілёве 14 студзеня. Ён накіраваны на тое, каб зрабіць культуру горада больш выразна адчувальнай, аб’яднаць генератараў ідэй і тых, хто можа аказаць важную арганізацыйную, фінансавую ці аналітычную дапамогу. Па завяршэнні прыёму заявак надзеі арганізатараў – грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" і упраўленню ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама – спраўдзіліся. Чарговы “Кірмаш” мае ўсе шанцы падтрымаць мінулагоднюю хуткасць нарошчвання грамадскага патэнцыялу развіцця абласнога цэнтра ўжо не проста як часовай культурнай сталіцы, а як сталага выбітнага культурніцкага цэнтра ў Беларусі.

На «маланкавай прэзентацыі» 14 студзеня будуць прадстаўленыя 10 праектаў. Сярод іх:

— актуальныя фарматы існавання традыцыйнай беларускай культуры;
— маштабны працяглы праект, які можа вывесці музычнае жыццё горада на крок наперад;
— ідэя мабільнага дадатка з самай запатрабаванай і «жывой» інфармацыяй аб Магілёве, які будзе карысным і жыхарам горада, і яго наведнікам;
— праекты стварэння новых аб’ектаў, якія нададуць эмацыйнасці і асэнсаванасці публічнай прасторы горада і вярнуць страчаны сімвалічны «падмурак» яго заснавання;
— задума па набліжэнні паэтычных скарбаў у беларускай літаратуры да нашага штодзённага жыцця;
— выключна светлы і відовішчны гарадскі фестываль;
— унікальны для Беларусі фестываль, здольны ўзмацніць культурніцкі, а дакладней, субкультурніцкі імідж Магілёва;
— арт-праект, які можа спрасціць збор сродкаў для мастакоў і іншых таленавітых людзей.

Кожны праект пройдзе праз фільтр грамадскай ацэнкі і аналітыкі на запатрабаванасць, унікальнасць і жыццяздольнасць у сённяшніх рэаліях Магілёва і Беларусі. На мерапрыемства запрашаюць тых, каму блізкая тэматыка праектаў, каго цікавіць, як фармуецца і якімі накірункамі рухаецца супольнасць самых актыўных і творчых людзей горада, а таксама тых, хто адчуваеце ў сабе здольнасць зрабіць свой унёсак у рэалізацыю вартых таго ідэй. Працоўную і нефармальную атмасферу арганізатары гарантуюць.

Адбудзецца «Кірмаш праектаў» у анты-кафэ «Чердак» па вуліцы Ленінская, 7. Пачнецца мерапрыемства ў 18:00. Уваход вольны, але па папярэдняй рэгістрацыі.

Каардынатар ГКК «Будзьма беларусамі!»
па Магілёўскім рэгіёне
Юры Стукалаў

Просмотров: 1696
Instagram
Vkontakte
Telegram