Понедельник, 10 ноября 2014 10:24

«Надзея-Днепр» страціла магчымасць заваяваць срэбраныя медалі

«Надзея-Днепр» страціла магчымасць заваяваць срэбраныя медалі

Хатняе паражэнне ад жаночай каманды футбольнага клуба «Мінск» 9 лістапада перакрэсліла шансы «Надзеі-Днепр» узяць срэбраныя медалі чэмпіяната Беларусі. Праўда, гэта залежала не толькі ад саміх магіляўчанак. Калі б у паралельнай сустрэчы «Зорка-БДУ» не здолела перайграць «Бабруйчанку», наша каманда у вочным паядынку з «Зоркай» праз тыдзень вырашала б, хто больш варты звацца віцэ-чэмпіёнам. Аднак каманда з Бабруйска таксама саступіла.

Што да матча ў Магілёве, то гаспадыні ўжо на трэцяй хвіліне вымушаны былі пачынаць гульню з цэнтра поля. Таццяна Шрамок у штрафной пляцоўцы апярэдзіла марудных абаронцаў «Надзеі-Днепр» і адкрыла лік. Да другога мяча, які у сярэдзіне першага тайма забіла ўкраінка Вольга Мелканянц, сталічніцы маглі двойчы караць абарону саперніка за грубыя памылкі, аднак штосьці перашкаджала ім гэта рабіць. Варта дадаць, што і магілёўскія футбалісткі таксама два разы былі на адлегласці у некалькі сантыметраў ад гола, аднак «гаражанкі» адбіліся. На перапынак каманды пайшлі з лікам — 0:2.

Актывізаваліся мясцовыя футбалісткі ў другой палове сустрэчы. Выдатны галявы момант мела Любоў Гудчанка, якая скарысталася передачай Таццяны Казырэнка і выскачыла сам-насам с галкіперам Кацярынай Міклашэвіч, аднак у браму не патрапіла. Крыху пазней ужо Анастасія Шчэрбачэня, якая арэндаваная якраз у футбольнага клуба «Мінск», магла скараціць адставанне, аднак мяч у пустую браму не заляцеў — перашкодзіла штанга.

І ўсё ж «Мінск» прапусціў ад «Надзеі-Днепр», дарэчы, упершыню за два сезоны. Казырэнка самаахвярна згуляла на апярэджанне варатара і галавой прасунала мяч у сетку, пасле чаго сутыкнулася з Міклашэвіч. Пасля меддапамогі украінка ў гульню вярнулася.

Напружанне ўзрастала. Перспектыва зачапіцца за «срэбра» гнала магіляўчанак наперад. Не вельмі ўпэўненая гульня варатара саперніка магла прывесці і да нічыйнага ліку, але камандзе Аляксандра Ластаўкіна не хапала ці то ўдачы, ці то майстэрства, ці то халоднага разліку.

Напрыканцы сустрэчы «Мінск» усё ж забіў трэці мяч (да гэтага Гіфт галавой прабіла ў штангу). Ліяна Мірашнічэнка лёгка прасунулася да межаў варатарскай пляцоўкі і прабіла з блізкай адлегласці. Наталля Мунцяну да мяча дацягнулася, але адбіць яго у бок не здолела — 1:3.

Такім чынам, у апошнім туры чэмпіяната «бронзавая» «Надзея-Днепр» у гасцях згуляе са «срэбранай» «Зоркай-БДУ».

Прэс-служба ЖФК «Надзея-Днепр»
Фота Аляксандра Ільені
Відэа fcnadezhda.by


Просмотров: 3850

Media

Instagram
Vkontakte
Telegram